НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
складаныя хім. злучэнні (гетэразлучэнні) усіх хім. элементаў, за выключэннем большасці злучэнняў вугляроду, якія адносяцца да арганічных злучэнняў. Утвараюць практычна ўсю літасферу, гідрасферу і атмасферу Зямлі. Вядома каля 300 тыс. злучэнняў. Паводле функцыян. адзнакі падзяляюць на аксіды, гідраксіды, кіслоты, солі, паводле саставу (колькасці элементаў у Н.з.) — на двухэлементныя, ці бінарныя (аксіды, галагеніды, гідрыды, карбіды, нітрыды, фасфіды і інш.), і Н.з., у саставе якіх больш за 2 элементы (напр., гідраксіды, аміды металаў). У асобную групу вылучаны комплексныя злучэнні. Гл. таксама Неарганічная хімія.
т. 11, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)